Вячаслаў Купрыянаў - перевод на белорусский Андрея Хадановича

Вячаслаў Купрыянаў

* * *
неяк бывае
не па сабе
з кімсьці ўдваіх

з кімсьці
пачуваюся
быццам я дыямэнт
які праглынула
курыца

нехта бачу
глядзіць на мяне
быццам я курыца
што праглынула
дыямэнт

вядома ж
найпрыемней з тымі
з кім я магу пасумоўнічаць
як дыямэнт
з дыямэнтам

але часам
так не хапае тых
з кім можна размаўляць проста
як курыца
з курыцай

***

Урок сьпеваў

чалавек
вынайшаў клетку
раней
за крылы

у клетках
пяюць крылатыя
пра свабоду
палёту

перад клеткамі
пяюць бяскрылыя
пра справядлівасьць
клетак

***

Урок анатоміі

Прабачце
вучні
але з майго шкілету
ня выйдзе добрага
нагляднага дапаможніка

яшчэ пры жыцьці
я так любіў жыцьцё і свабоду
што ўзламаў сваю грудную клетку
каб даць волю сэрцу
а з кожнага рабра
спрабаваў
стварыць жанчыну

галаву яшчэ пры жыцьці
я ламаў
над пытаньнямі жыцьця

які ўжо тут
чэрап

***

Часовыя радасьці

настае
вясна чалавецтва
усе хочуць
сноўдаць па зялёнай траўцы
ніхто ня хоча
араць і сеяць

настае
сьвітанак чалавецтва
усе хочуць
атрымоўваць любоўныя лісты
ніхто ня хоча
разносіць пошту

настае вечнасьць
усе крычаць
спыніся
імгненьне

ніхто
ня хоча
траціць
свайго часу

***

Пункт погляду

Чалавек не пляце павуціны
таму што баіцца
мух
думаў павук

Чалавек не пляце павуціны
таму што баіцца
павукоў
думала муха

Чалавек не пляце павуціны
думала павуціна
таму што наплёў ужо
столькі ўсяго
што сам сябе баіцца

Куды я трапіў
думае
чалавек

***

Прыцемкі пыхлівасьці

штоночы
мярцьвяк
прыпадымае
магільную пліту
і правярае навобмацак

ці ня сьцерлася
імя
на камені

***

Касьмічныя падзеі

Скрозь нябесныя целы
жанчын

вандруючы
з сусьвету ў сусьвет
пралятаюць
касьмічна малыя
дзеці

Некаторыя
застаюцца
каб
расьці

Пераклад з расійскай –
Андрей Хаданович





Вячеслав Куприянов, 2008

Сертификат Поэзия.ру: серия 1109 № 64369 от 07.09.2008

0 | 0 | 2366 | 18.12.2024. 21:44:55

Произведение оценили (+): []

Произведение оценили (-): []


Комментариев пока нет. Приглашаем Вас прокомментировать публикацию.